ЛЮ́БАНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Любанскім і Старадарожскім р-нах Мінскай вобл., за 7 км на Пн ад г. Любань. Створана на р. Арэса ў 1966. Пл. 22 км2, даўж. 11,8 км, найб. шыр. 4,2 км, найб. глыб. 6,3 м, аб’ём вады 39,5 млн. м3; даўж. берагавой лініі 38 км. Да затаплення на месцы вадасховішча быў балотны масіў з тарфянікамі магутнасцю да 3 м. Катлавіна выцягнута з Пн на Пд, значна пашыраецца ў паўд. частцы. Берагі нізкія, спадзістыя. Больш за 20% берагоў — дамбы абвалавання. На левым беразе ў ніжняй ч. вадасховішча 2 мелкаводныя залівы. Ёсць 5 астравоў агульнай пл. 0,5 км2. Дно выслана торфам, ілам, пяском.
Замярзае ў пач. снежня, лёд (таўшчыня 45—55 см) трымаецца да пач. красавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 80 см. Зарастае каля 20% плошчы Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, жыўлення вадой сажалак доследнага рыбгаса «Любань».
т. 9, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)